БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,
міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.
т. 3, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)